Правілы дарожнага руху для раварыстаў
Содержание
Агульныя палажэнні:
Ровар – транспартны сродак, які прыводзіцца ў рух мускульнай сілай чалавека. (арт. 2.5)
Кіроўца – фізічная асоба, якая кіруе транспартным сродкам. (арт. 2.8) Такім чынам, раварыст – кіроўца транспартнага сродка.
Дарога – комплекс інжынерных збудаванняў або паласа зямлі, якія прызначаны і выкарыстоўваюцца для руху ў вызначаным парадку транспартных сродкаў і пешаходаў. (арт. 2.15)
Элементы дарогі – адна або некалькі праезных частак дарогі, трамвайныя пуці, ходнікі, пешаходныя і роварныя сцежкі (за выключэннем роварных сцежак, размешчаных адасоблена ад дарогі), пасадачныя пляцоўкі, размешчаныя на праезнай частцы дарогі і прызначаныя для пасадкі (высадкі) пасажыраў у маршрутны транспартны сродак, выспы бяспекі, вылучаныя канструктыўна або лініямі гарызантальнай дарожнай разметкі, раздзяляльныя зоны, раздзяляльныя палосы, насцілы чыгуначных пераездаў і ўзбочыны. (арт. 2.78)
Пешаходная сцежка – вылучаны канструктыўна ці з дапамогай ліній гарызантальнай дарожнай разметкі элемент дарогі, прызначаны для руху пешаходаў, пазначаны дарожным знакам «Пешаходная сцежка». (арт. 2.47)
Роварная сцежка – адасобленая дарога або вылучаны канструктыўна ці з дапамогай ліній гарызантальнай дарожнай разметкі элемент дарогі, прызначаныя для руху кіроўцаў ровараў (далей – раварысты), пазначаны дарожным знакам «Роварная сцежка». (арт. 2.6)
Узбочына – вылучаны канструктыўна ці суцэльнай лініяй гарызантальнай дарожнай разметкі элемент дарогі, які прымыкае непасрэдна да знешняга краю праезнай часткі, размешчаны з ёй на адным узроўні і не прызначаны для руху транспартных сродкаў. (арт. 2.34)
Ходнік – элемент дарогі, які прымыкае да праезнай часткі або аддзелены ад яе газонам, прызначаны для руху пешаходаў і раварыстаў. (арт. 2.72)
Пешаходны пераход – участак праезнай часткі, прызначаны для руху пешаходаў праз праезную частку дарогі і пазначаны дарожнымі знакамі «Пешаходны пераход» і (або) гарызантальнай дарожнай разметкай. (арт. 2.49)
Праезная частка дарогі – элемент дарогі, прызначаны для руху транспартных сродкаў, і ў выпадках, прадугледжаных дадзенымі Правіламі, — для руху пешаходаў. (арт. 2.55)
Рух раварыста
148. Рух на ровары павінен ажыццяўляцца па роварнай сцежцы, а пры яе адсутнасці – па ўзбочыне, ходніку або пешаходнай сцежцы, не ствараючы перашкоды для бяспечнага руху пешаходаў. Пры адсутнасці названых элементаў дарогі ці немагчымасці руху па іх дапускаецца рух раварыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін шэраг не далей за 1 метр ад яе правага краю. Пры гэтым:
148.1. выезд далей за 1 метр ад правага краю праезнай часткі дарогі дапускаецца толькі для аб’езду перашкоды і ў дазволеных выпадках для павароту налева ці развароту;
148.2. калоны раварыстаў пры руху па праезнай частцы дарогі павінны быць падзелены на групы не больш чым па 10 раварыстаў. Адлегласць паміж групамі павінна складаць не менш за 100 метраў;
148.3. пры наяўнасці на праезнай частцы дарогі лініі гарызантальнай дарожнай разметкі, якая пазначае яе край, гэтая лінія павінна размяшчацца злева ад раварыста.
149. Пры руху па дарозе ў цёмны час сутак і (або) пры яе недастатковай бачнасці на ровары павінны быць уключаны: спераду – фара (ліхтар), якая выпраменьвае белае святло, ззаду – ліхтар, які выпраменьвае чырвонае святло.
Рух раварыста ў жылой зоне
Рух транспартных сродкаў у жылой і пешаходнай зонах, на прылеглай тэрыторыі дапускаецца пры ўмове прыняцця кіроўцамі ўсіх мер па забеспячэнні бяспекі пешаходаў, раварыстаў, іншых удзельнікаў дарожнага руху. (арт.133) Пры выездзе з жылой і пешаходнай зон, прылеглай тэрыторыі кіроўцы павінны саступіць дарогу транспартным сродкам, якія рухаюцца па дарозе, а таксама пешаходам, раварыстам і коннікам, шлях руху якіх яны перасякаюць. (арт. 136)
Раварыст, як кіроўца транспартнага сродку, мае права:
- кіраваць транспартным сродкам у вызначаным парадку;
- ведаць прычыну, па якой супрацоўнікамі ДАІ, іншымі службовымі асобамі спынены транспартны сродак, а таксама прозвішча і пасаду гэтых асоб. Пры гэтым асобы, якія валодаюць правам правяраць у кіроўцы дакументы, абавязаны прад’явіць па патрабаванні кіроўцы службовае пасведчанне.
Раварыст абавязаны:
- Спыняцца па патрабаванні супрацоўніка ДАІ ў форменным адзенні, а таксама іншых службовых асоб. (гл. арт. 9)
- Па-за скрыжаваннямі на нерэгулюемым скрыжаванні веласіпеднай дарожкі з дарогай раварыст абавязаны саступіць дарогу транспартным сродкам, якія рухаюцца па гэтай дарозе. (арт. 150)
- Пры перасячэнні праезнай часткі дарогі па пешаходным пераходзе раварыст павінен весці веласіпед побач з сабой і кіравацца патрабаваннямі, прадугледжанымі Правіламі для руху пешаходаў (арт. 151). Большасць раварыстаў не выконваюць дадзенае правіла.
Раварыстам забараняецца:
- Выкарыстоўваць тэхнічна няспраўныя ровары (арт. 153.1).
- Рухацца, не трымаючыся за руль і (або) не трымаючы ногі на педалях (арт. 153.2).
- Паварочваць налева ці разварочвацца на дарозе, якая мае трамвайную каляю, і на дарозе, якая мае больш за адну паласу для руху ў дадзеным кірунку (арт. 153.3).
- Рухацца па дарозе ва ўмовах снегападу і (або) галалёдзіцы (арт. 153.4).
- Перавозіць пасажыраў, за выключэннем перавозкі на ровары дзяцей ва ўзросце да сямі гадоў на дадатковым спецыяльна абсталяваным сядзенні (арт. 153.5).
- Перавозіць грузы, якія выступаюць больш чым на 0,5 метра па даўжыні або шырыні за габарыты ровара, а таксама грузы, якія замінаюць кіраванню роварам (арт. 153.6).
- Асобам, маладзейшым за чатырнаццаць год, кіраваць роварам на дарозе без суправаджэння паўналетняй асобы (акрамя пешаходных і жылых зон, ходнікаў, роварных і пешаходных сцежак) (арт. 154).
- Буксіроўка ровара і роварам, за выключэннем роварнага прычэпа прамысловай вытворчасці (арт. 156).
- Рух па аўтамагістралях (арт.131), а таксама:
- Кіраваць роварам у стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў (арт. 10.1).
- Кіраваць роварам у стане хваробы ці стомы, які ставіць пад пагрозу бяспеку дарожнага руху, пад уздзеяннем лекавых сродкаў, якія зніжаюць увагу і хуткасць рэакцыі (арт. 10.2).
- Карыстацца падчас руху на ровары апаратам радыё- і тэлефоннай сувязі, не абсталяваным тэхнічнай прыладай, якая дазваляе весці перамовы без выкарыстання рук (арт. 10.4).