Алгарытм дзеянняў пры сутыкненні раварыста з пешаходам
Хто вінаваты?
Пры сутыкненні раварыста з пешаходам, вінаватасць аднаго з бакоў будзе залежаць ад месца здарэння.
Згодна з п.148 ПДР рух на ровары павінен ажыццяўляцца па роварнай сцежцы, а пры яе адсутнасці – па ўзбочыне, ходніку ці пешаходнай сцежцы, не ствараючы перашкоды для бяспечнага руху пешаходаў.
Нагадваем, што роварная сцежка – вылучаны канструктыўна ці з дапамогай ліній гарызантальнай дарожнай разметкі элемент дарогі, прызначаны для руху кіроўцаў ровараў (далей – раварыстаў), пазначаны дарожным знакам «Роварная сцежка». (арт. 2.6)
Дарожны знак «Роварная сцежка» (пп. 4.5.1) дазваляе рух толькі на роварах, а пры адсутнасці ходніка ці пешаходнай сцежкі – і рух пешаходаў, пры гэтым пешаходы не павінны ствараць перашкодаў для руху раварыстаў. На знак можа быць дадаткова нанесены сілуэт пешахода.
Такім чынам, толькі ў выпадку сутыкнення на роварнай сцежцы (пазначанай адпаведным знакам і вылучанай канструктыўна ці з дапамогай ліній гарызантальнай дарожнай разметкі), вінаватым будзе пешаход, у астатніх выпадках - раварыст.
Практыка ў Беларусі:
- У Гродна пасля наезда на пешахода на недароварнай сцежцы, пацярпелы пешаход падаў у суд на раварыста
- Гродзенская ДАІ: “Па роварных сцежках могуць рухацца і пешаходы”
- Раварыст патрапіў на 10 млн рублёў за тое, што ехаў па роварнай сцежцы? і абмеркаванне выпадку
Раварыст, выконвай Правілы ветлівага раварыста і не давядзецца шукаць вінаватых!
Дзеянні пацярпелага
Пры сутыкненні раварыста і пешахода, ДТЗ не афармляецца, паколькі згодна з нормамі грамадзянскага заканадаўства, асоба, вінаватая ў прычыненні шкоды, нясе адказнасць за прычыненую сваімі дзеяннямі шкоду. Неабходна толькі правільна пабудаваць свае дзеянні па зборы доказаў, каб мець магчымасць эфектыўна звярнуцца ў суд па кампенсацыю шкоды.
У выпадку, калі сутыкненне прывяло да прычынення траўмы, пацярпелы мае права спагнаць з вінаватага грашовую кампенсацыю шкоды, прычыненую яго здароўю, а таксама кампенсацыю маральнай шкоды.
Кампенсацыя шкоды адбываецца ў судовым парадку праз прад'яўленне вінаватаму пазову. У выпадку, калі вы маеце намер спагнаць сродкі ў судовым парадку, рэкамендуем выканаць наступныя дзеянні:
- Наперш неабходна знайсці сведкаў здарэння і перапісаць іх дадзеныя, для таго каб пасля можна было б прыцягнуць іх у якасці сведкаў у судзе (Імя, імя па бацьку і прозвішча; адрэса і кантактны тэлефон).
- Перапісаць дадзеныя трэба і ў вінаватага, які стварыў перашкоды вашаму руху (Імя, імя па бацьку і прозвішча; адрэса і кантактны тэлефон).
- Звярнуцца ў мед. установу па аказанне першай дапамогі і атрыманне даведкі пра прычыненую шкоду.
- Захоўваць чэкі на лекі, неабходныя для лекавання атрыманай траўмы.
- Звязацца з вінаватым ў здарэнні і прапанаваць яму ў добраахвотным парадку выплаціць суму прычыненай шкоды. Калі ён адмовіцца гэта зрабіць у добраахвотным парадку – звярнуцца ў суд з пазовам.
Для складання пазову рэкамендуем скарыстацца паслугамі адваката. Пры гэтым у выпадку задавальнення пазову адказнік павінен будзе кампенсаваць аплату паслуг адваката.